УДЗЕ́ЛЬНЫЯ КНЯ́СТВЫ, удзелы,
феадальныя ўладанні ў 12—16 ст., што ўтвараліся ў выніку распаду Кіеўскай Русі і драбнення буйных княстваў — Уладзіміра-Суздальскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага, Чарнігаўскага і інш. Звычайна кіраваліся князямі з членаў сям’і ці сваякоў вял. князя. З цягам часу адбывалася драбненне і саміх У.к. Намінальна яны лічыліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя (гл. Васалітэт), але былі фактычна незалежнымі, часта мелі свае войска, манету, суд, установы і інш. Сярод У.к. на тэр. Беларусі найб. вядомы Віцебскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Крэўскае, Лагожскае, Менскае, Пінскае, Слуцкае (гл. адпаведныя арт.) і інш. У працэсе ўтварэння Рускай цэнтралізаванай дзяржавы У.к. на яе тэр. ў асн. ліквідаваны да канца 16 ст., апошняе — т.зв. Касімаўскае царства — у 1681. На тэр. ВКЛ, у т. л. на Беларусі, У.к. скасаваны ў 15—16 ст., хоць назва «княства» яшчэ і ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да буйных магнацкіх уладанняў — Клецкага, Капыльскага і Слуцкага.
т. 16, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)